СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в.Свіслач
(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),
размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.Бута колькасцю каля 1 тыс.чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.
М.А.Ткачоў.
Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.А.Сергачова.